СЯНА́ЖНАЕ СХО́ВІШЧА,

збудаванне для нарыхтоўкі і захоўвання сенажу. Корм з адна- і шматгадовых траў, правялены і здробнены, захоўваюць у вежавых (вертыкальных) і траншэйных (гарызантальных) сховішчах.

С.с. верт. тыпу (сянажная вежа) бывае з верхняй выгрузкай корму (робіцца з металу, зборнага жалезабетону, цэглы) і з ніжняй выгрузкай (метал. зварныя, драўляныя з поліэтыленавым чахлом). Вежы будуюць на тэр. ферм пераважна зборнымі з метал. лістоў або бетонных блокаў, зманціраваных на маналітным фундаменце. Іх аснашчаюць тэхн. сродкамі для загрузкі, размеркавання, ушчыльнення і выгрузкі кармоў. Гарыз. С.с. — заглыбленыя, паўзаглыбленыя і наземныя бетанаваныя траншэі. Бываюць адна- і шматсекцыйныя, праязныя і непраязныя, з паветранепранікальнымі сценамі і стыкамі. На фермах найчасцей выкарыстоўваюць наземныя траншэі.

Літ.:

Батищев В.Д. Механизация приготовления силоса и сенажа. М., 1983.

В.​М.​Кандрацьеў.

Да арт. Сянажнае сховішча. Схема сянажнай вежы: 1 — транспарцёр для выгрузкі сенажу; 2 — выгрузная шахта; 3 — разгрузчык; 4 — размеркавальнае прыстасаванне; 5 — трубаправод; 6 — пнеўматычны транспарцёр.

т. 15, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)